Берасцейская царкоўная ўнія

У 1054 г. адбыўся канчатковы раскол хрысціянскай царквы на заходнюю – каталіцтва і ўсходнюю – праваслаўе. Вялікае княства геапалітычна знаходзілася на мяжы двух рэлігій, таму абедзве канфесіі былі шырока прадстаўлены ў дзяржаве. Гэта давала падставы праваслаўнай Маскве і каталіцкаму Захаду для ўмяшання ва ўнутраныя справы княства. Каб абараніць незалежнасць ВкЛ, трэба было нешта іншае – не каталіцтва і не праваслаўе.

Да XVI ст. выразна праступілі рысы крызісу праваслаўя. Канстантынопаль быў захоплены туркамі, епархіі княства не здолелі стварыць незалежную сістэму адукацыі, падрыхтаваць кваліфікаваныя кадры нізавога духавенства, наглядаўся крызіс прапаведніцтва. Праваслаўе страчвала інтэлектуальную апору – тагачасную інтэлігенцыю. Езуіт Пётр Скарга адмячаў стан праваслаўя ў ВкЛ так – “папы схалопелі, навука ўпала”. Да таго, ва ўмовах Лівонскай вайны з Расіяй арыентацыя на Маскву (цэнтр праваслаўя, бо з 1589 г. у Маскве патрыярхія) выглядала здрадніцтвам. У той час на Захадзе наглядаўся духоўны ўздым, ствараліся нацыянальныя цэрквы. Неабходнасць рэфармавання царквы разумелі беларускія праваслаўныя іерархі. Супадзенне гэтых фактараў (культурная дэградацыя праваслаўя, узвышэнне праваслаўнай Масквы, імкненне дзяржаўных кіраўнікоў ВкЛ на ўмацаванне незалежнасці і памкненні Ватыкана на акаталічванне княства) паспрыяла хуткаму правядзенню царкоўнай рэформы – увядзенню ўніяцтва.

У першай палове 1590-х гг. на шматлікіх сустрэчах з прадстаўнікамі Ватыкана праваслаўныя іерархі выпрацоўвалі ўмовы аб’яднання цэркваў у ВкЛ. Ініцыятарамі ўніі выступілі епіскап берасцейскі і ўладзіміскі Іпаці Пацей і епіскап луцкі Кірыла Тарлецкі. Іх падтрымалі кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза, кароль і князь Жыгімонт ІІІ Ваза і канцлер ВкЛ Леў Сапега. На царкоўным саборы вясной 1595 г. з намерам заключыць унію згадзіліся ўсе праваслаўныя епіскапы, акрамя львоўскага. Былі выпрацаваны
“33 артыкула” – умовы аб’яднання, згодна з якімі:

· захоўваліся ўсе царкоўныя святы згодна з праваслаўным каляндаром;

· на царкоўныя пасады прызначаюцца толькі “рускія” людзі;

· манастыры і цэрквы не пераўтвараюцца ў касцелы;

· забараняецца пераманьваць у каталіцтва ўніятаў;

· папа рымскі з’яўляецца главой царквы ў пытаннях веры;

· уніяты прымаюць некаторыя дагматы каталіцкай царквы (сімвал веры і інш.).

Пасля прыняцця ўніі не павінна было быць ломкі звычаяў і традыцый – знешне нічога не змянілася. На гэта вельмі спадзяваліся ініцыятары аб’яднання цэркваў. 23 снежня 1595 г. І.Пацей і К.Тарлецкі сустрэліся ў Рыме з Кліментам VIII, які згадзіўся з усімі ўмовамі і падпісаў папскую буллу аб уніі. 6-9 кастрычніка 1596 г. ў Бярэсце на царкоўным саборы, куды з’ехаліся прыхільнікі ўніі, уніяцтва было канчаткова аформлена як рэлігійны накірунак. Адначасова ў Бярэсці на свой сабор сабраліся прыхільнікі захавання чысціні праваслаўя, лідэрам іх быў епіскап львоўскі. Наклаўшы ўзаемныя праклёны, іерархі раз’ехаліся па епархіям, сеючы зерне варожасці і напружанасці ў грамадстве. 15 кастрычніка 1596 г. каралеўскім універсалам акт уніі быў зацверджаны на дзяржаўным узроўне. Афіцыйна праваслаўная царква ў ВкЛ перастала існаваць, была створана грэка-уніяцкая царква.

Грамадства ўспрыняла ўвядзенне ўніі па-рознаму. Частка насельніцтва рашуча яе падтрымала асабліва ў епархіях, што ўзначальвалі прыхільнікі ўніі, частка насельніцтва рашуча адмовіліся ад рэформы. Традыцыя праваслаўя не дапускала аніякіх змен – так не магла захавацца чысціня “першапачатковасці” хрысціянства. Увядзенне ўніі прымалася як асабістая трагедыя. Іншыя праваслаўныя дзеячы выступалі не супраць уніі, а супраць падпарадкавання папе, супраць рэгіянальнага характару ўніі. Такое моцнае супраціўленне было непрадбачаным, канфрантацыя нарастала. Адбываліся сутычкі, барацьба за храмы і епіскапскія катэдры, некаторыя падзеі прымалі жудасныя формы. Жорсткая дзейнасць уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча ў Полацку і Віцебску выклікала выбух народнага гнева – Кунцэвіч быў забіты і выкінуты ў Дзвіну. Такія паўстанні жорстка падаўляліся ўладамі, якія спачатку падтрымалі новую царкву.

Уніяцтва праз падтрымку дзяржавы і культурна-асветніцкую дзейнасць паступова пашыралася сярод сельскага насельніцтва і гараджан, дробнай шляхты. Да пачатку XVIII ст. яно стала самай масавай рэлігіяй у княстве, дапамагло захаваць нацыянальныя адметнасці беларускага народа, стрымала апалячванне беларускіх зямель. Гэта азначае, што тыя надзеі, якія ўсклалі на ўніяцтва ў Ватыкане і Кракаве, не збыліся. Больш удала Ватыкан і Кракаў дзейнічалі ў асяроддзі сярэдніх і буйных феадалаў ВкЛ. Пад час контррэфармацыі яны амаль ўсе перайшлі ў каталіцтва, што паспрыяла іх апалячванню, зліццю з феадальным саслоўем Польшчы ў адзінае феадальнае саслоўе Рэчы Паспалітай. Беларускія феадалы страчвалі сувязь з гістарычнай традыцыяй дзяржавы ВкЛ, са сваім народам.

Прыхільнікі праваслаўя не зніклі з гістарычнай сцэны. У 1620 г. яны тайна пасвяцілі новую іерархію ў Кіева-Пячорскай Лаўры, якая кантралявалася праваслаўнымі. Так канчаткова адбыўся раскол былых праваслаўных княства на дзве царквы. У ўсходніх раёнах княства праваслаўныя карысталіся значнай падтрымкай, асабліва ў буйных гарадах. Таму кіраўнікі дзяржавы з цягам часу вымушаны былі афіцыйна прызнаць адраджэнне праваслаўя ў княстве. У 1632 і 1633 гг. Уладзіслаў IV Ваза прызнаў існаванне праваслаўных цэркваў і надаў ім некаторыя прывілеі, у 1650 г. гэтыя прывілеі падцвердзіў Ян Казімір.


9152099993796531.html
9152201881446730.html
    PR.RU™